Дзяніс Дудзінскі: «Пасля сведчанняў з Акрэсціна, я прыняў БЧБ як свой сцяг»

Дзяніс Дудзінскі, акцыя пратэсту каля будынку дзяржаўнага тэлебачання

2020 год стаў момантам, калі беларускае грамадства ўпершыню ўбачыла сябе без фільтраў. Гэта інтэрв’ю — частка праекта «Кніга Памяці 2020» на партале Belarus2020.re. Дзяніс Дудзінскі пра тое, як у людзей раскрываліся вочы, як сыпаліся міфы, чаму БЧБ — гэта свядомы выбар дарослага чалавека, і чаму ў размовах пра палітыку ў яго больш няма месца для міндальнічання.

Дзяніс Дудзінскі, 2020, у руках журналісцкія сведчанні катаванняў на Акрэсціна

Жнівень 2020-га: Мора людзей супраць жаху Акрэсціна

Рэдакцыя: Калі вы згадваеце 2020 год: якія карцінкі паўстаюць перад вачыма? Вобразы, сітуацыі, агульныя і канкрэтныя?

Дзяніс Дудзінскі, акцыя пратэсту каля будынку дзяржаўнага тэлебачання

Дзяніс Дудзінскі: Нягледзячы на ўвесь той жах, які тварыўся 09-га, 10-га, 11-га і асабліва 12-га жніўня, калі з Акрэсціна пачалі выходзіць скалечаныя збітыя людзі, пры словах «дваццаты год» перад вачыма паўстае Менск 16-га жніўня. Сам горад, праспект, людзі, белыя (бранзалеты), бел-чырвона-белыя, усмешкі, абдымкі. Гонар за сябе, гонар за іншых: за суседа, за сваяка, за сяброў і прыяцеляў. Вось гэта цудоўнае чыстае, светлае мора, якое хвалюецца.

16 жніўня 2020, Менск

Я думаю, я тут не адзінокі ва ўспамінах. Гэта з катэгорыі «паміраць буду – не забуду».

А яшчэ назаўжды сядзіць у памяці Першае верасня. Я быў каля свайго роднага Ін’язу, і пабачыў студэнтаў. Розных курсаў. Яны выйшлі з плакатамі, дзе на розных мовах напісанае добрае, светлае, і пасыл таму, хто наверсе захапіў уладу. Выкладчыкаў сустрэў. Сваіх, ужо старэнькіх, яны абдымаліся са студэнтамі. Першы Марш і выхад студэнтаў – дзве самыя яркія падзеі для мяне.

Акцыя студэнтаў каля Лінгвістычнага універсітэту (Ін’язу), верасень, 2020

Як БЧБ стаў родным

Рэд.: Што змянілася ў вас у 2020 назаўжды?

Дзяніс Дудзінскі: 2020 год назаўжды змяніў ва мне стаўленне да беларусаў. А па-другое, спосаб стаўлення да людзей, якія знаходзяцца побач. Раней, з часоў БССР, пры слове «Беларусь», тады яшчэ збольшага «Белоруссия», узнікалі лубочныя вобразы. Са школьнай азбукі, дзе пятнаццаць рэспублік. Усе мультыплікацыйна намаляваныя: хлопчык і дзяўчынка ў народных касцюмах, узяліся за рукі, і ўсё.

Я зайздросціў іншым нацыям ды нацыянальнасцям, якія вывешвалі на сваіх лужочках зорна-паласатыя сцягі. Альбо фарбай наносілі на твар нацыянальныя колеры падчас спартовых спаборніцтваў. Зайздросціў народам, якія маглі ганарыцца сваёй далучанасцю да нацыянальнага сцяга, да сваёй дзяржаўнасці. У мяне такога не было да 2020 году. У 2020 з’явілася.

Я ніколі не любіў чырвона-зялёны сцяг. І наагул савок. Але і бел-чырвона-белы сцяг я не тое, каб не любіў, але я не разумеў што адкуль. Чаму гэты сцяг? Ёсць у гісторыі маса іншых артэфактаў, які маглі бы стаць калі не дзяржаўным сцягам, то часткай яго. А ў 2020 я прыняў БЧБ як свой дзяржаўныя сцяг. Я ўбачыў і чысціню (памкненняў людзей) і кроў, якая лілася (у барацьбе за чысціню).

У 2020 большасць пратэстоўцаў абралі сваім сімвалам нацыянальны сцяг

А другая змена, гэта калі пачынаюцца размовы пра палітыку, я спыніў ліберальнічаць і міндальнічаць. Думаць, «можа той дурненькі, ну хай побач з намі пасядзіць». Цяпер не – калі падтрымліваеш уладу, ты – мярзота. Калі ты не падтрымліваеш, але супрацоўнічаеш зараз з ёю, ты – двойчы мярзота.

Пра дзяцей і кнігі: Розум і эмпатыя

Рэд.: Што і як казаць дзецям, школьнікам, пра 2020 год?

Дзяніс Дудзінскі: Генерацыі, якая цяпер ходзіць у школу, думаю, не трэба ціснуць – распавядаць, якія мы былі класныя ў 2020 годзе. Трэба гадаваць іх разумнымі. А на чыім баку яны будуць – гэта пытанне выключна розуму. Разам з інтэлектам развівайце ў дзяцей эмоцыі, эмпатыю.

Ад Рэдакцыі. У 2020 годзе былі выпадкі здзеку ў дзіцячых садках з малых за выкрыкі «Жыве Беларусь!». Былі выпадкі, калі малодшыя школьнікі былі выведнікамі і праваднікамі для малых груп пратэстоўцаў. Да падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту ўжывалася жорсткасць як да дарослых. «Дзеці ў 2020 годзе» – тэма, якая чакае сваіх даследчыкаў і сваіх аўтараў.

Рэд.: Якой мусіць быць кніга пра 2020 год?

Дзяніс Дудзінскі: У кнізе пра 2020 год, калі мы гаворым пра дакумент, пра дзённік, канешне, хацелася б, каб былі факты. Спраўджаныя факты. Разумею, што цяжка адсунуць у бок эмоцыі. Тым не менш, вельмі хацелася б, каб людзі, якія былі знутры працэсу, прычым як з аднаго, так і з іншага боку, распавялі як яно было насамрэч. Не спрабавалі штосьці дапрыдумляць.

А калі будуць мастацкія творы, мне бы хацелася ўбачыць у аўтараў цікавыя хады. Гэта можа быць асабістая гісторыя: перажытая, прыўкрашаная, але каб яна мяне захапіла. Каб мне хацелася чытаць ад пачатку да канца. І пасля яшчэ задаць масу пытанняў аўтару гэтага твору. Твары як хочаш, але асноўныя падзеі мусяць быць праўдзівымі.

Праект «Кніга Памяці «2002» закліканы падкрэсліць лепшае з Беларускага 2020 году

У мяне самаго гісторый пра 2020 год вельмі шмат. Але яны не кароткія. Там цэлыя аповесці. Як-небудзь напішу.


Ад рэдакцыі: Дзяніс, пішы!

____________________

Спадабаўся матар’ял? Падтрымай праект!

Paypal.me/Sieviaryn

Revolut: @sieviaivtt

BLIK: +48 501 090 720 

Patreon: patreon.com/c/svojpismennik

Poland: (PKO) 24 1020 4027 0000 1402 2047 4659

Ethereum: 0x967c1fa00a3E11a86749F5fDd028525DFeCCAbB3