Кніга Памяці

  • Збор сродкаў на кнігу «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе»

    Збор сродкаў на кнігу «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе»

    Сябры, аднадумцы, беларусы з кодам «2020» як паролем і «Пагоняй» у сэрцы!

    Мы робім вельмі важны праект: кніга «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе» дапаможа з камунікацыяй у вашых краінах пражываньня. Шмат хто з беларусаў стаміўся на пальцах адказваць на пытаньне «Што там у вас адбылося ў 2020 годзе?»

    Мы – гэта асьветніцкая ініцыятыва Fundacja Belarus 2020 i выдавецкі праект Fundacja Rozum Media. Мы творчымі і адукацыйнымі сродкамі асэнсоўваем і папулярызуем лепшыя дасягненьні беларусаў як супольнасьці.

    Адказваючы на пытаньні людзей звонку, мы лепш разумеем сябе. Мала сфармуляваць, што з намі беларусамі адбылося, важна сфармуляваць чаго мы хочам, куды рушым. Таму кніга разьлічаная не толькі на замежнікаў, але на беларусаў. Суайчыньнікам унутры краіны варта ведаць, што за мяжой мы працуем, каб захаваць усё лепшае, што нам падарыў 2020 год. З тым, каб вярнуцца і ўсім разам адбудоўваць наш дом Biełaruś.

    Мы – большасьць беларусаў – зламалі сыстэму псыхалягічнага ўціску, мы вызваліліся ўнутрана, структура беларускага грамадзтва зьмянілася раз і назаўсёды. Апошнія сталіся першымі. Цяпер беларусы як супольнасьці тлумачаць іншым як выглядае гарызонт гістарычных падзеяў – наддзяржаўныя супольнасьці будуць браць рэй над старымі структурамі, а пытаньне этычнага выбару стане больш вострым.

    Дык падпісвайся!

    Што наўзамен за ваш данат:

    СумаУзнагарода
    5 эўраe-book «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе»
    10 эўрадрукаваная кніга «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе»
    25 эўрадрукаваная кніга «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе» з аўтографам аўтара + кошт перасылкі
    50 эўрадрукаваная кніга «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе» + папярэдняя кніга аўтара «Мы ідзём на марш!» з аўтографам + кошт перасылкі
    100 эўрадрукаваная кніга «Беларусы будучыні: ужо ў Эўропе» + «Мы ідзём на марш!» з аўтографамі + кошт перасылкі + асабістая сустрэча з аўтарам на каву (варыянт: онлайн-размова)
    500 эўраe-book, дзьве кнігі з аўтографам, сустрэча з аўтарам плюс напісаньне апавяданьня па прапанаванай Вамі тэме

    Як падтрымаць:

    Пераказ па адрасах ніжэй на выбар. Просім ўказаць у прызначэньні: danacja kniha.

    Важна! На адрас belarus2020fond@gmail.com трэба даслаць ваша Імя/ Псэўданім, лічбу сумы і адрас для перасылкі бонусаў.

    Poland (PKO):24 1020 4027 0000 1402 2047 4659

    Paypal:Paypal.me/Sieviaryn

    Revolut:@sieviaivtt

    BLIK:+48 501 090 720

  • Дзяніс Дудзінскі: «Пасля сведчанняў з Акрэсціна, я прыняў БЧБ як свой сцяг»

    Дзяніс Дудзінскі: «Пасля сведчанняў з Акрэсціна, я прыняў БЧБ як свой сцяг»

    Дзяніс Дудзінскі, акцыя пратэсту каля будынку дзяржаўнага тэлебачання

    2020 год стаў момантам, калі беларускае грамадства ўпершыню ўбачыла сябе без фільтраў. Гэта інтэрв’ю — частка праекта «Кніга Памяці 2020» на партале Belarus2020.re. Дзяніс Дудзінскі пра тое, як у людзей раскрываліся вочы, як сыпаліся міфы, чаму БЧБ — гэта свядомы выбар дарослага чалавека, і чаму ў размовах пра палітыку ў яго больш няма месца для міндальнічання.

    Дзяніс Дудзінскі, 2020, у руках журналісцкія сведчанні катаванняў на Акрэсціна

    Жнівень 2020-га: Мора людзей супраць жаху Акрэсціна

    Рэдакцыя: Калі вы згадваеце 2020 год: якія карцінкі паўстаюць перад вачыма? Вобразы, сітуацыі, агульныя і канкрэтныя?

    Дзяніс Дудзінскі, акцыя пратэсту каля будынку дзяржаўнага тэлебачання

    Дзяніс Дудзінскі: Нягледзячы на ўвесь той жах, які тварыўся 09-га, 10-га, 11-га і асабліва 12-га жніўня, калі з Акрэсціна пачалі выходзіць скалечаныя збітыя людзі, пры словах «дваццаты год» перад вачыма паўстае Менск 16-га жніўня. Сам горад, праспект, людзі, белыя (бранзалеты), бел-чырвона-белыя, усмешкі, абдымкі. Гонар за сябе, гонар за іншых: за суседа, за сваяка, за сяброў і прыяцеляў. Вось гэта цудоўнае чыстае, светлае мора, якое хвалюецца.

    16 жніўня 2020, Менск

    Я думаю, я тут не адзінокі ва ўспамінах. Гэта з катэгорыі «паміраць буду – не забуду».

    А яшчэ назаўжды сядзіць у памяці Першае верасня. Я быў каля свайго роднага Ін’язу, і пабачыў студэнтаў. Розных курсаў. Яны выйшлі з плакатамі, дзе на розных мовах напісанае добрае, светлае, і пасыл таму, хто наверсе захапіў уладу. Выкладчыкаў сустрэў. Сваіх, ужо старэнькіх, яны абдымаліся са студэнтамі. Першы Марш і выхад студэнтаў – дзве самыя яркія падзеі для мяне.

    Акцыя студэнтаў каля Лінгвістычнага універсітэту (Ін’язу), верасень, 2020

    Як БЧБ стаў родным

    Рэд.: Што змянілася ў вас у 2020 назаўжды?

    Дзяніс Дудзінскі: 2020 год назаўжды змяніў ва мне стаўленне да беларусаў. А па-другое, спосаб стаўлення да людзей, якія знаходзяцца побач. Раней, з часоў БССР, пры слове «Беларусь», тады яшчэ збольшага «Белоруссия», узнікалі лубочныя вобразы. Са школьнай азбукі, дзе пятнаццаць рэспублік. Усе мультыплікацыйна намаляваныя: хлопчык і дзяўчынка ў народных касцюмах, узяліся за рукі, і ўсё.

    Я зайздросціў іншым нацыям ды нацыянальнасцям, якія вывешвалі на сваіх лужочках зорна-паласатыя сцягі. Альбо фарбай наносілі на твар нацыянальныя колеры падчас спартовых спаборніцтваў. Зайздросціў народам, якія маглі ганарыцца сваёй далучанасцю да нацыянальнага сцяга, да сваёй дзяржаўнасці. У мяне такога не было да 2020 году. У 2020 з’явілася.

    Я ніколі не любіў чырвона-зялёны сцяг. І наагул савок. Але і бел-чырвона-белы сцяг я не тое, каб не любіў, але я не разумеў што адкуль. Чаму гэты сцяг? Ёсць у гісторыі маса іншых артэфактаў, які маглі бы стаць калі не дзяржаўным сцягам, то часткай яго. А ў 2020 я прыняў БЧБ як свой дзяржаўныя сцяг. Я ўбачыў і чысціню (памкненняў людзей) і кроў, якая лілася (у барацьбе за чысціню).

    У 2020 большасць пратэстоўцаў абралі сваім сімвалам нацыянальны сцяг

    А другая змена, гэта калі пачынаюцца размовы пра палітыку, я спыніў ліберальнічаць і міндальнічаць. Думаць, «можа той дурненькі, ну хай побач з намі пасядзіць». Цяпер не – калі падтрымліваеш уладу, ты – мярзота. Калі ты не падтрымліваеш, але супрацоўнічаеш зараз з ёю, ты – двойчы мярзота.

    Пра дзяцей і кнігі: Розум і эмпатыя

    Рэд.: Што і як казаць дзецям, школьнікам, пра 2020 год?

    Дзяніс Дудзінскі: Генерацыі, якая цяпер ходзіць у школу, думаю, не трэба ціснуць – распавядаць, якія мы былі класныя ў 2020 годзе. Трэба гадаваць іх разумнымі. А на чыім баку яны будуць – гэта пытанне выключна розуму. Разам з інтэлектам развівайце ў дзяцей эмоцыі, эмпатыю.

    Ад Рэдакцыі. У 2020 годзе былі выпадкі здзеку ў дзіцячых садках з малых за выкрыкі «Жыве Беларусь!». Былі выпадкі, калі малодшыя школьнікі былі выведнікамі і праваднікамі для малых груп пратэстоўцаў. Да падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту ўжывалася жорсткасць як да дарослых. «Дзеці ў 2020 годзе» – тэма, якая чакае сваіх даследчыкаў і сваіх аўтараў.

    Рэд.: Якой мусіць быць кніга пра 2020 год?

    Дзяніс Дудзінскі: У кнізе пра 2020 год, калі мы гаворым пра дакумент, пра дзённік, канешне, хацелася б, каб былі факты. Спраўджаныя факты. Разумею, што цяжка адсунуць у бок эмоцыі. Тым не менш, вельмі хацелася б, каб людзі, якія былі знутры працэсу, прычым як з аднаго, так і з іншага боку, распавялі як яно было насамрэч. Не спрабавалі штосьці дапрыдумляць.

    А калі будуць мастацкія творы, мне бы хацелася ўбачыць у аўтараў цікавыя хады. Гэта можа быць асабістая гісторыя: перажытая, прыўкрашаная, але каб яна мяне захапіла. Каб мне хацелася чытаць ад пачатку да канца. І пасля яшчэ задаць масу пытанняў аўтару гэтага твору. Твары як хочаш, але асноўныя падзеі мусяць быць праўдзівымі.

    Праект «Кніга Памяці «2002» закліканы падкрэсліць лепшае з Беларускага 2020 году

    У мяне самаго гісторый пра 2020 год вельмі шмат. Але яны не кароткія. Там цэлыя аповесці. Як-небудзь напішу.


    Ад рэдакцыі: Дзяніс, пішы!

    ____________________

    Спадабаўся матар’ял? Падтрымай праект!

    Paypal.me/Sieviaryn

    Revolut: @sieviaivtt

    BLIK: +48 501 090 720 

    Patreon: patreon.com/c/svojpismennik

    Poland: (PKO) 24 1020 4027 0000 1402 2047 4659

    Ethereum: 0x967c1fa00a3E11a86749F5fDd028525DFeCCAbB3