Напярэдадні свята Дня Волі актывізавалася інфармацыйнае поле вакол выбараў у Каардынацыйную Раду’2026 (КР). Дзень Волі 1918 і Рэвалюцыя свядомасці 2020 — этапы аднаго шляху. Калі каротка: без высноваў з падзей 2020 года немагчыма ў 2026-м прапанаваць нешта ўцямнае на блізкую будучыню. Я, як патэнцыйны выбарнік, маю да кожнага з кандыдатаў на «дэпутацтва» ў КР адно пытанне: у чым феномен беларускіх падзей 2020 года?
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі Belarus 2020

Беларуская ўнікальнасць
Феномен Беларусі 2020 дагэтуль не асэнсаваны і на 5%. Прынамсі, на ўзроўні публічнай камунікацыі. Беларуская сітуацыя ёсць серыяй унікальных парадоксаў. Адзін з іх заключаецца ў тым, што феномен калектыўнага лідарства ў 2020 паўстаў насуперак тым, хто спрабаваў кіраваць працэсамі пераменаў, сапраўдных ці ўяўных.
Штаб Віктара Бабарыкі пазіцыянаваў сябе як «альтэрнатыўны», а не «апазіцыйны», а задачай было не знясенне рэжыму, а стварэнне «альтэрнатыўнай» партыі. Пад чые гарантыі планавалася арганізаваць партыйнае жыццё, альтэрнатыўнае ўзурпатару ўлады, не афішавалася.
Сяргей Ціханоўскі пазіцыянаваўся як бунтар за справядлівасць супраць самадура-дыктатара, але без наагул хоць якой выразнай прапановы па ўладкаванню дзяржавы ў выніку знясення дыктатарскай сістэмы.

Адзін з РУУС Менску 10-11.08.2020
Прыбраўшы на старце апанентаў, Лукашэнка па сваёй логіцы супакоіўся на нейкі час, паколькі мераў і мерае свет па сваім убостве розуму, у якім хтосьці кімсьці абавязкова кіруе, нагінае. Кіраўнікі альтэрнатыўна-апазіцыйных рухаў сядзелі – небяспека была нейтралізаваная, правадыроў для статку, у разуменні Лукашэнкі, не засталося.
Выспяванне калектыўнага лідарства
09–12 жніўня на вуліцах усёй Беларусі паўсталі дзясяткі тысяч абураных падманам людзей. Інтэрнэт паклалі, пра ўздым супраціву і крывавае задушэнне паўстанцаў праз забойствы на вуліцах і ў засценках людзі масава пачалі дазнавацца 12 жніўня. Дазнавацца, але белянець не ад страху, а ад ярасці. Выйшлі Жанчыны ў белым.

Жанчыны ў белым 12.08.2020, Менск
Тады ж, 12-га, мы ўсе дазналіся пра абсталяванне канцлагеру пад Слуцкам. Інстытуцыя масавага зняволення людзей без юрыдычнага афармлення праіснавала трое сутак.
16 жніўня 2020 году на пратэст выйшла ўся Беларусь, рэпрэзентаваная сотнямі тысяч дэманстрантаў і мільёнамі тых, хто іх падтрымліваў словам і валанцёрскай справай.
Тое, што Лукашэнка заўжды памыляўся наконт людзей, гэта тэма для доктарскіх работ у сферы псіхалогіі і псіхіятрыі. Дыктатар сам сябе згубіў палітычна.
Ніхто не можа назваць сябе лідарам Рэвалюцыі’2020
Людзі, якія вялі рэй у першай палове 2020 году, былі арыштаваныя ці пакінулі краіну, каб пазбегнуць рэпрэсій. Некаторых літаральна выкінулі за мяжу. Адпаведна ў паветры вісіць пытанне да тых, хто прэтэндуе на цяперашнюю рэпрэзентацыю беларусаў: на якой падставе вы можаце заявіць сябе на лідарства?
Ніхто не можа прад’явіць спіс учынкаў. Але можа прадэманстраваць набор ідэй.

Перадвыбарчы выступ 27.07.2020
Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская была і застаецца сімвалам. Прычым, вельмі па-чалавечы сімпатычным: простым, светлым, без сумнеўнага бэкграўнда. Святлана Ціханоўская – унікальная, як і ўся беларуская сітуацыя.
Сёння Святлана Ціханоўская дэ-факта палітык. Але. Дагэтуль не заўжды зразумела, дзе яна выказвае сваё асабістае меркаванне, а дзе калектыўнае па выніках працы яе дарадцаў. Чаму важна, бо некаторыя адразу скажуць, што выказвацца ад імя каманды – агульная практыка?
Справа ў тым, што Святлана Ціханоўская ў вачох значнай часткі беларусаў легітымная сама па сабе, без дарадцаў і офісу.
Няма палітычнай каманды
У дэмакратычных краінах прэзідэнт выказвае пазіцыю каманды, бо ён прыходзіць да вярхоўнай улады не сам па сабе. Святлана прыняла рашэнне ісці на выбары сама — і сама ж перамагла. Так, многія галасавалі супраць Лукашэнкі. Але за некалькі месяцаў да яе высылкі 11 жніўня 2020 года Святлана ўжо паспела заваяваць сімпатыі як самастойная палітычная фігура.
Менавіта таму, што невядомая раней персона пачала афармляцца ў самастойную палітычную фігуру, да яе пачалі далучацца самыя розныя палітычныя гульцы. Кожны — як мог і з уласнай мэтай.
Сёння ўлада Святланы Ціханоўскай – інфармацыйная.

Некаторыя факты’2020
– У Менску гаспадарамі вуліц былі людзі – больш за чатыры месяцы (у іншых гарадах крыху менш);
– У Менску дваравыя шэсці трывалі да траўня 2021 – калі молах рэпрэсій ужо раскруціўся напоўніцу;
– У 2020 годзе ў пратэстах брала ўдзел без выключэння ўся Беларусь, што беспрэцэдэнтна не толькі для Беларусі, але наагул для супраціву ў пасляваеннай Еўропе. А для краін пад тыраніяй дыктатараў дык няма прэцэдэнтаў;
– У Беларусі ў палітычным пратэсным руху было задзейнічанае каля 25 % дарослага насельніцтва. Гэта абсалютны рэкорд для Еўропы пры ўмове, што было толькі адно патрабаванне, і яно было палітычным – «сыходзь!»
– Памятайце, што на аднаго пратэстоўца на вуліцах даводзілася плюс адзін і болей тых, хто падтрымліваў, але не мог выйсці. Развагі пра 80–90 % непрымальнікаў Лукі на піку рэвалюцыйнага дзеяння выглядаюць не такімі і фантастычнымі, а 70 % вылічваюцца матэматычна;
– Большасць удзельнікаў Рэвалюцыі свядомасці нікуды не зніклі з краіны і погляды свае не змянялі. Навукова даказана, што электаральнае балота не перавышае 15–20 %. А колькасць выехалых не такая крытычная, як меркавалася раней.

Лісты палітвязням
Большасць беларусаў засталіся ў краіне і пры сваіх поглядах
Па выніку на сёння мы маем рэпрэсіі, якія пераконваюць людзей у сваім непрыняцці рэжыму і тых, хто яму служыць. Маем за мяжой крэатыўны клас, частка якога хоча працягваць рабіць беларускую справу, у тым ліку палітычную.
Протапарламент Каардынацыйная Рада 2026 – добрая ідэя. Хоць бы як інфармацыйная пляцоўка, дзе ўдзельнікам гарантаваная магчымасць быць пачутымі хоць бы журналістамі.
Выснова
Важна! Кандыдат у КР, ты найперш прамаўляеш для беларусаў у Беларусі, для беларусаў у замежжы ці для патэнцыйных еўрапейскіх партнёраў? Вызначся і абяры адпаведную камунікацыйную стратэгію.
Без сістэмнага аналізу і папулярнай падачы пратэстаў 2020 у Беларусі любыя палітычныя канструкцыі ў 2026 застануцца павярхоўнымі.
