У Фундацыі Belarus 2020 Belarus2020.re год афіцыйнага існавання — 4 красавіка.
Што маем?
Праект «Беларусь ХХІ» .
Калі перайсці па спасылцы, вы ўбачыце публіцыстыку, дзе з розных ракурсаў падаюцца галоўныя тэмы: палітычная суб’ектывізацыя беларусаў у замежжы, падрыхтоўка беларусаў замежжа да магчымага ўдзелу ў вызваленні краіны ў выпадку агрэсіі Расеі супраць краін Еўразвязу. А таксама канцэптуальныя пытанні Беларускага Дому, Беларускага Шляху, Беларускага Космасу.
Праект «Кніга Памяці «2020» — эксперыментальны.
На сённяшні стан рэчаў такі, што я маю матэрыял, канцэпцыю і нават структуру для напісання кнігі, якая будзе ўступам да цэлай серыі. Таксама я маю згоду трох аўтараў і аднаго Рэдактара (з вялікай літары) на ўдзел у кніжным праекце, які я бачу мастацка-дакументальным. То бок, героі і вобразы могуць быць зборнымі, але на максімальна дакладнай фактуры.
«Анімаваная Энцыклапедыя «2020».
Галоўнае слова — «Энцыклапедыя». Гэта мусіць быць усіхны праект. Амаль як «Вікіпедыя» з адным абмежавальнікам — беларусацэнтрычнасць. Таму Фундацыя бярэ на сябе функцыю Рэдакцыі. Энцыклапедыі найноўшай гісторыі Беларусі.
Калі тэматыка значна шырэйшая за адзін год, чаму Фундацыя названая «Belarus 2020», а не больш абстрактна?
Назва сігналізуе, што арганізацыя створаная найперш для беларусаў. А для беларусацэнтрычных беларусаў 2020 год — гэта вяршыня развіцця грамадзянскай супольнасці, якая ў канцы 1980-х складалася з пары тысяч чалавек, а ў 2020 гаворка пра некалькі мільёнаў. Беларусы сталіся суб’ектнымі ў міжнародным маштабе.
Большая частка праектаў Фундацыі мусіць перакладацца на польскую, ангельскую ды іншыя мовы. Мы адкрыліся. Мы, беларусы, — па ўсім свеце. Мы маем сваё бачанне жыцця і свае планы. Прымайце нас. Нам ёсць што расказаць.
«Апошнія сталіся першымі». Беларусы ў 2020 годзе падскокнулі ў стратасферу і ўбачылі будучыню для ўсіх людзей на планеце.
А прагноз такі, што людзі пачнуць яднацца ў наддзяржаўныя супольнасці. Але трэба спраўдзіць. Беларусы могуць падсвятліць ліхтарыкам сваіх ведаў.
Вы бачылі футурыстычныя фільмы постапакаліпсіса, дзе ў будучыні людзі распаліся на плямёны і здзічэлі? Беларусы сведчаць, што атамізаваныя праз дыктатуру індывіды могуць сабрацца разам насуперак усяму: пад’ездам, дваром, вуліцай, раёнам — краінай!
Мы ўжо былі рассыпанымі, як гарох па падлозе, але знайшлі адзін аднаго, аб’ядналіся — самі. А дзічэюць тыя, хто бяздумна выконвае загады.
За мяжой нам трэба зноў паўтараць цуд гарызантальнай самарганізацыі. Тым больш, што вертыкалі над намі няма. Што часам выклікае пачуццё касмічнай бязважкасці. Гравітацыю трэба ствараць самім, нарошчваць масу целаў — арганізацый.
Канчатковае рашэнне, што па пераездзе ў Польшчу я буду рабіць грамадскую арганізацыю з такой назвай — Belarus 2020, у мяне ўзнікла ў Тбілісі ўвосень 2022 года, дзе адбывалася адна з імпрэз культурна-інтэлектуальнага фестывалю «Прамова».
Прагучаў фінальны акорд — скончыўся паказ фільма «Смеласць» Аляксея Палуяна пра 2020 год, і амаль адразу пачалася дыскусія, больш падобная да падрыхтоўкі да пабоішча. Кожны меў свой, часам дыяметральна супрацьлеглы, пункт гледжання на падзеі!
Арганізатарка ад грузінскага боку закрычала: «Патлумачце нарэшце, дык што ж у вас там адбылося!»
Цягам першыя паўгода пасля рэгістрацыі я працаваў над канцэпцыямі: агульнай і кожнага са стрыжнёвых праектаў.
А калі пачаў звяртацца з прапановай далучыцца, зразумеў, што тэма настолькі не пра мінулае, а пра зараз, што, хоць праекты фармальна падаюцца як асветніцкія, дэ-факта погляд на тыя ці іншыя аспекты 2020 года вызначае сённяшнюю пазіцыю чалавека. А галоўнае — ягоны погляд на будучыню.
Таму цяпер дакладна: Фундацыя Belarus 2020 — пункт збору беларусацэнтрычных людзей у замежжы.
Ідэя
2020 год для нас — досвед калектыўнага лідарства.
2020 год для нас — досвед пабудовы наддзяржаўнай грамадзянскай супольнасці.
2020 год для нас — год перамогі Бел-Чырвона-Белага як сімвала Беларускай Ідэі.
2020 год для нас – год Жаночай Рэвалюцыі.
2020 год для нас – год Рэвалюцыі Свядомасці.
Ад сябе зазначу, што Беларуская Ідэя для мяне — гэта Ідэя свайго Дому, калі казаць пра зямлю, на якой нашы продкі жывуць добра за дзве тысячы гадоў.
З іншага боку, Беларуская Ідэя — гэта шлях, адкрыты для любых этнічнасцяў і рэлігійнасцяў.
Практыка
Што можна рабіць у беларускім замежжы на карысць беларускай справы — то бок, для сябе і для суайчыннікаў пад акупацыяй.
Першае. Фармаваць умовы для атрымання палітычнага прадстаўніцтва ў Еўрапарламенце. Тут найперш гаворка пра Польшчу, дзе заканадаўча зафіксаваная беларуская культурная аўтаномія і беларуская нацыянальная меншасць на сваёй этнічнай тэрыторыі. З іншага боку, да беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы можа належаць кожны грамадзянін Польшчы, які дэкларуе сваю прыналежнасць да беларускасці.
Другое. На базе створанага палітычнага прадстаўніцтва пераконваць палітыкум краін прыбывання ў неабходнасці ствараць праграмы інтэграцыі беларусаў у супрацьстаянне з агрэсіўным блокам РФ–РБ. Гэта не абавязкова навучанне стралковай ці падрыўной справе. У ХХІ ст. гаворка найперш пра ваенізаванае ІТ-шкаленне ва ўсіх яго праявах.
Трэцяе. Беларуская асвета і адукацыя. Як класічная па форме, так і праз культурныя праекты. Палякі стварылі свой універсітэт у ЗША, калі былі вымушаныя эміграваць ад камуністычнага пераследу. Чаму вымушаныя па палітычных прычынах эмігранты з Беларусі не могуць стварыць свой універсітэт у Польшчы?
Важна пераконваць палітыкаў у краінах прыбывання, што мы не проста бедакі, якім трэба толькі дапамагчы з дакументамі і простай працай. Што мы патэнцыйныя саюзнікі ў вельмі верагодным супрацьстаянні краін ЕЗ з Расеяй.
Але ў ідэале наша вымушаная эміграцыя мусіць паспрыяць наддзяржаўнай супольнасці, якая будзе дзейнічаць і пасля вызвалення Беларусі ад нэафашысцкага рэжыму.
Дзяржава — рэч надзейная, яна стварае гравітацыю, дае апору і адчуванне абароненасці. Але заўжды лепш мець паралельны варыянт — структуру, якую немагчыма захапіць.
Дзякуй за ўвагу, гэты пост — маё аўтарскае выказванне. Адначасова гэта заклік да дыялогу.
Вось мэйл для афіцыйных лістоў: contact@Belarus2020.re
Вось для творчых прапаноў: belarus2020fond@gmail.com
І цяпер ужо традыцыйна ў канцы вялікіх матэрыялаў я буду посціць адрасы для матэрыяльнай узнагароды на выпадак, калі вы пазітыўна ацанілі маю аўтарскую працу ці высілкі нашай каманды. Нават пару манет ёсць сігналам сувязі і ўзаемнасці ў поглядах. Фундацыя Belarus 2020 — прынцыпова грамадскі праект!
Paypal.me/Sieviaryn
Revolut: @sieviaivtt
BLIK: +48 501 090 720
Patreon: patreon.com/c/svojpismennik
Poland: (PKO) 24 1020 4027 0000 1402 2047 4659
Ethereum: 0x967c1fa00a3E11a86749F5fDd028525DFeCCAbB3







