Сябры, аднадумцы, суайчыннікі!
Мы – Фундацыя «Belarus 2020» – запрашаем далучыцца да грамадскай кампаніі «Кніга Памяці «2020»!
«2020» – гэтыя лічбы аб’ядноўваюць мільёны беларусаў. Гэта лічбы жалобы па загінулых, гневу з-за скалечаных і кінутых за краты, а яшчэ «2020» – гэта код гонару за суайчыннікаў і радасці яднання людзей вакол ідэі дабра тут і цяпер.
У 2020 годзе беларусы сталі грамадзянскай супольнасцю ўзору ХХІ стагоддзя: мы застаемся адным ментальным цэлым па-за дзяржавай. Мы жывем на розных кантынентах, але ўтвараем адну прастору памяці.
Беларус беларусу беларус, Пахне чабор, Жыве вечна!
Нас аб’ядноўвае досвед Рэвалюцыі Свядомасці, у якой мы бачым Нацыянальную, Жаночую, Грамадскую і наагул Цывілізацыйную Рэвалюцыю.
У 2020 годзе мы сталіся большасцю на сваёй зямлі – людзьмі, для якіх Беларусь ёсць ідэяй Свайго Дому.
Па самых сціплых ацэнках, у 2020 толькі на вуліцы выйшлі не менш за 25% дарослых грамадзян. А ўсіх разам за перамены ў жыцці Беларусі выступіла больш за 70%. Мы – большасць, чыя хада наперад часова прыпыненая ўжываннем зброі.
Якую праблему заклікае вырашыць грамадская кампанія «Кніга Памяці «2020»?
Сёння памяць пра «2020»спрабуюць сцерці. Выставіць тысячы і тысячы ўчынкаў гераізму і годнасці як недарэчнасць. Мы закліканыя зрабіць наадварот: абазначыць 2020 год як пачатак новай эпохі ў гісторыі беларусаў.
Грамадская кампанія «Кніга Памяці «2020» закліканая аднавіць справядлівасць.
Мы – беларусы – ужо маем кнігі-сведчанні злачынстваў за кратамі. Маем кнігі, якія адлюстроўваюць жыццё людзей у вымушанай эміграцыі. Маем навуковыя манаграфіі з аналізам падзеяў у Беларусі найноўшага часу. «Кніга Памяці «2020» мусіць даць разуменне пераменаў унутры людзей. Бо новая Беларусь – гэта свядомасна новыя беларусы.
Як далучыцца?
Далучыцца да грамадскай кампаніі «Кніга Памяці «2020» можна:
- Даслаць сваю гісторыю, меркаванне, пажаданне, каментар на адрас belarus2020fond@gmail.com з пазнакай «кніга»;
- Падтрымаць данатам: https://belarus2020.re/be/danaty/ з пазнакай «данат».
- Стаць валанцёрам.
На што патрэбныя сілы і сродкі:
- Праца рэдактараў;
- Праца інтэрв’юёраў;
- Праца дызайнераў;
- Праца вярстальнікаў;
- Праца карэктараў;
- Тэхнічная падтрымка сайту;
- Праца з SEO і SMM;
- Праца з сацсеткамі;
- Праца з фота-відэа ілюстрацыямі;
- Аплата выкарыстання інструментаў ШІ для падрыхтоўкі анімаванай энцыклапедыі на базе «Кнігі Памяці «2020»;
- Аплата працы юрыста;
- Аплата працы бухгалтара;
- Аплата рэкламы;
- Аплата працы экспертаў – частка праекту мусіць быць рэкамендавана для навучальнага працэсу.
Першы том «Кнігі Памяці «2020» плануецца як аглядна-уводны ў тэму беларускага 2020 году. Форма – мастацка-дакументальная рэканструкцыя.
Паралельна ўжо цяпер плануем падрыхтоўку кніг па рэгіёнах: «Кніга Памяці «2020» – Гарадзеншчына», «Кніга Памяці «2020» – Берасцейшчына» і гэтак далей.
Праект «Кніга Памяці «2020» ад пачатку задуманы як партнёрскі, таму Фонд «Belarus 2020» заклікае дасылаць свае ідэі па супольнай дзейнасці на адрас belarus2020fond@gmail.com з пазнакай «партнёрства».
Будзьма разам!
Севярын Квяткоўскі, кіраўнік Фундацыі «Belarus 2020»
