Палітыка

  • ЗВАРОТ

    Сябры, аднадумцы, суайчыннікі!

    Мы – Фундацыя «Belarus 2020» – запрашаем далучыцца да грамадскай кампаніі  «Кніга Памяці «2020»!

    «2020» – гэтыя лічбы аб’ядноўваюць мільёны беларусаў. Гэта лічбы жалобы па загінулых, гневу з-за скалечаных і кінутых за краты, а яшчэ «2020» – гэта код гонару за суайчыннікаў і радасці яднання людзей вакол ідэі дабра тут і цяпер.

    У 2020 годзе беларусы сталі грамадзянскай супольнасцю ўзору ХХІ стагоддзя: мы застаемся адным ментальным цэлым па-за дзяржавай. Мы жывем на розных кантынентах, але ўтвараем адну прастору памяці. 

    Беларус беларусу беларус, Пахне чабор, Жыве вечна! 

    Нас аб’ядноўвае досвед Рэвалюцыі Свядомасці, у якой мы бачым Нацыянальную, Жаночую, Грамадскую і наагул Цывілізацыйную Рэвалюцыю. 

    У 2020 годзе мы сталіся большасцю на сваёй зямлі – людзьмі, для якіх Беларусь ёсць ідэяй Свайго Дому.

    Па самых сціплых ацэнках, у 2020 толькі на вуліцы выйшлі не менш за 25% дарослых грамадзян. А ўсіх разам за перамены ў жыцці Беларусі выступіла больш за 70%. Мы – большасць, чыя хада наперад часова прыпыненая ўжываннем зброі.

    Якую праблему заклікае вырашыць грамадская кампанія «Кніга Памяці «2020»?

    Сёння памяць пра «2020»спрабуюць сцерці. Выставіць тысячы і тысячы ўчынкаў гераізму і годнасці як недарэчнасць. Мы закліканыя зрабіць наадварот: абазначыць 2020 год як пачатак новай эпохі ў гісторыі беларусаў.

    Грамадская кампанія «Кніга Памяці «2020» закліканая аднавіць справядлівасць.

    Мы – беларусы – ужо маем кнігі-сведчанні злачынстваў за кратамі. Маем кнігі, якія адлюстроўваюць жыццё людзей у вымушанай эміграцыі. Маем навуковыя манаграфіі з аналізам падзеяў у Беларусі найноўшага часу. «Кніга Памяці «2020» мусіць даць разуменне пераменаў унутры людзей. Бо новая Беларусь – гэта свядомасна новыя беларусы.


    Як далучыцца?

    Далучыцца да грамадскай кампаніі «Кніга Памяці «2020» можна:

    • Даслаць сваю гісторыю, меркаванне, пажаданне, каментар на адрас belarus2020fond@gmail.com  з пазнакай «кніга»;
    • Падтрымаць данатам: https://belarus2020.re/be/danaty/ з пазнакай «данат».
    • Стаць валанцёрам.

    На што патрэбныя сілы і сродкі:

    • Праца рэдактараў;
    • Праца інтэрв’юёраў;
    • Праца дызайнераў;
    • Праца вярстальнікаў;
    • Праца карэктараў;
    • Тэхнічная падтрымка сайту;
    • Праца з SEO і SMM;
    • Праца з сацсеткамі;
    • Праца з фота-відэа ілюстрацыямі;
    • Аплата выкарыстання інструментаў ШІ для падрыхтоўкі анімаванай энцыклапедыі на базе «Кнігі Памяці «2020»;
    • Аплата працы юрыста;
    • Аплата працы бухгалтара;
    • Аплата рэкламы;
    • Аплата працы экспертаў – частка праекту мусіць быць рэкамендавана для навучальнага працэсу.

    Першы том «Кнігі Памяці «2020» плануецца як аглядна-уводны ў тэму  беларускага 2020 году. Форма  – мастацка-дакументальная рэканструкцыя.

    Паралельна ўжо цяпер плануем падрыхтоўку кніг па рэгіёнах: «Кніга Памяці «2020» – Гарадзеншчына», «Кніга Памяці «2020» – Берасцейшчына» і гэтак далей. 

    Праект «Кніга Памяці «2020» ад пачатку задуманы як партнёрскі, таму Фонд «Belarus 2020» заклікае дасылаць свае ідэі па супольнай дзейнасці на адрас belarus2020fond@gmail.com  з пазнакай «партнёрства».

    Будзьма разам!

                                             Севярын Квяткоўскі, кіраўнік Фундацыі «Belarus 2020»