Беларусь ХХІ: «Раз два тры чатыры два» – пераможца прэміі Аляхновіча

Кніга «знутры», кніга «адтуль», кніга палітычнага «неафіта», чалавека, якога забралі за «удзел у масавых беспарадках» больш як праз год па заканчэнні пратэстаў, чалавека, які ўжо за кратамі прыходзіў да адказу на пытанне «за што?».

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная беларускай рэдакцыяй “Радыё Свабода” і беларускім ПЭН-цэнтрам у 2013 годзе. Уручаецца за найлепшы твор на беларускай і рускай мовах любога жанру, напісаны ў зняволенні ці паводле досведу зняволення. 

Такая прэмія  – не ў кожнай краіне можа быць. Калі ты пераможца, значыць журы выбірала з некалькіх варыянтаў. Год за годам.

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі Belarus 2020

Прэмія Аляхновіча сведчыць не толькі пра рэгулярны характар пераследу за іншадумтсва, а дэманструе, што за кратамі ў Беларусі перманентна знаходзяцца людзі, чый інтэлектуальны ўзровень дазваляе ім пісаць кнігі. Была нацыя паэтаў, сталася нацыяй рэпрэсаваных паэтаў – у шырокім сэнсе.

Зборнік тэкстаў знутры Валадаркі мае аўтарства чалавека пад  псеўданімам Пётр Уманскі, кніга выйшла ў выдавецтве RozUM. Аўтар правёў каля году ў СІЗА, пасля пэўны час на хатняй «хіміі», і пасля перабраўся ў Польшчу.

Цяпер пра кнігу, якая ёсць не толькі зборнікам назіранняў, але і своеасаблівым дапаможнікам для псіхічнага выжывання ў экстрэмальнай сітуацыі.

Цябе схапілі, кінулі ў замкнёную прастору, ты ні на што не ўплываеш. Да таго ж, ты прайшоў 2020 год, і ты ведаеш, што з табой могуць зрабіць усё, што заўгодна.

Аўтар кнігі вельмі хутка прыдумляе выйсце з сітуацыі: ён стварае сабе «мульцікі». Наш мозг можа ўсё. Прынамсі, у межах аднаго асобна ўзятага чалавека. Чалавек у адзіночцы канцэнтруе мозг на тое, каб выцягнуць успаміны, камбінаваць іх, ствараць відэашэраг. Каб не сумаваць, і не думаць пра кепскае.

Што ж, тэхнічна мы ўсе існуем на мяжы памяці і фантазіі будучыні. Толькі фантазіі. У больш-менш нармальных умовах чалавеку падаецца, што ён ведае будучыню, кантралюе будучыню, але ў экстрэмальнай сітуацыі адзіночнай камеры ў статусе палітычнага, то бок, цалкам бяспраўнага, вязня асабліва абвострана адчуваецца, што тваё жыццё – тут і цяпер. А твая свядомасць існуе па простай формуле – памяць плюс варыянты будучыні, якія базуюцца на памяці.

Гэта я ўжо апісваю свае адчуванні ад раптоўнага траплення за краты «за палітыку», але радкі кнігі «Раз два тры чатыры два» вельмі нагадваюць мой асабісты досвед.

Ты ж ужо ведаеш, што менавіта служкі рэжыму выраблялі – як катавалі і як забівалі. І прымяраеш варыянты на сябе. Але кірунак фантазіі на глебе сваёй памяці залежыць выключна ад цябе, ты – рэжысёр сваіх «мульцікаў». Таму лепш прыдумляць штосьці светлае.

Ад заснавання ў 2013 і да 2020 году прэмія Аляхновіча працавала для як бы прафесійных барацьбітоў. Да заангажаваных у «палітыку», насамрэч – дысідэнцтва, грамадства ставілася як да лётчыкаў-выпрабавальнікаў ці каскадзёраў. Маўляў, ведаеце рызыкі, на якія ідзяце.

Першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча быў Ігар Аліневіч: анархіст, інтэлектуал, і вельмі смелы чалавек. Цяпер ён сядзіць чарговыі – аграмадны – тэрмін: за 2020 год.

Мала таго, што Ігар Аліневіч паслядоўны бескампрамісны чалавек, ён фактычна першы, хто тэкстам апісаў усе нюансы карнай сістэмы Лукашэнкі. Усе бесчалавечныя падрабязнасці. Тое, што людзі пасля турмы не згадваюць, тым больш публічна.

У постсавецкім грамадстве ў Беларусі стаўленне да турмы доўгі час заставалася патрыярхальным: раз пасадзілі, ёсць за што. А тое, што за кратамі чалавек практычна пазбаўляўся сваіх грамадзянскіх правоў нікога не цікавіла. 

Бо ўяўленне пра правы было вельмі размытым. Не забываем, што значная частка электарату Лукашэнкі ўзору 1994 пашпарты атрымала ўжо ў дарослым узросце, перад тым людзі былі дэ-факта прыгоннымі сялянамі. Дзе якія там правы ў галовах.

Не дзіва што кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» не выклікала бурлівай рэакцыі ў грамадстве.

Наступныя лаўрэяты прэміі: Алесь Бяляцкі – двойчы. Цяпер у яго трэці тэрмін, які Алесь адбывае маючы статус нобэлеўскага лаўрэата. Зміцер Дашкевіч (нядаўна на волі) – два разы. Далей: Уладзімір Някляеў (на волі), Аляксандр Фядута (зноў за кратамі), Павал Севярынец (зноў за кратамі), Мікола Дзядок (нядаўна на волі), які сёння, меркуючы па яго медыя актыўнасці, піша новую кнігу. І далей і далей, цалкам спіс намінантаў даступны ў сеціве.

А лідар гурту «Разбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка, седзячы на «сутках» у 2020 годзе напісаў тэксты для будучага альбому «Шанс/OFF» – сцёб скрозь стром, калі перафразаваць выраз «смех праз слёзы».

І вось былі такія лаўрэаты прэміі Аляхновіча – самі сабе «лётчыкі-выпрабавальнікамі». І раптам усё грамадства сталася «каскадзёрамі» – у 2020 годзе.

Кніга Пятра Уманскага – адна з першых у новай сітуацыі, калі праз турмы за іншадумства прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў: амаль адначасова!

Кніга створаная са структурна шахматным падыходам, але адначасова пакідае моцнае адчуванне эмацыйнага ўражання аўтара. Першая частка – перажыванні і разважанні, другая – назіранні, кароткія апавяданні з жыцця за кратамі.

Турэмных апавяданняў будзе ўсё болей, болей і болей. Людзі выходзяць, хтосьці маўчыць, а хтосьці гаворыць. Але і маўчуны з часам праявяцца. Помнік нерукатворны рэжыму ствараецца маштабны.

Мы не ведаем колькі ўсіх людзей прайшло праз лукашэнкаўскія засценкі «за палітыку». Па самых сціплых прыкідах ад 2020 году больш з 60 000, з іх «крымінальных» ідзе на тысячы. Хоць ва ўмовах лукашызму нават некалькі гадзін на умоўным «Акрэсціна» могуць быць каласальным шокам для фізікі і псіхікі чалавека. Пра названую акалічнасць забываюцца тыя, хто пытаюцца колькі часу сядзеў чалавек. Слова «сядзець» уводзіць у зман.

Вернемся да лічбаў – а да 2020 году колькі беларусаў прайшлі праз палітычна абумоўлены пераслед? А тэрор супраць бізнесу мы ўлічваем? А драконаўскія тэрміны за понюшку марыхуаны падлеткам – гэта ўжо палітыка, ці пакуль толькі бізнес на зламаных лёсах?

Усе гады станаўлення лукашызму як унікальнай формы фашызму людзі збольшага маўчалі, бо асцерагаліся дадатковага пераследу пасля свайго вяртання на волю. Да таго ж меркавалі, што публічныя сведчанні нічога не змяняюць. Насамрэч не так. Казаць трэба заўжды. Патрэбны час, каб колькасць прамоўленага перарасла ў якасць – у дзеянне.

Названыя на пачатку гэтага тэксту «каскадзёры» грамадскага актывізму выглядалі рызыкоўнымі дзівакамі, але ў 2020 годзе яны ўбачылі плён сваёй дзейнасці – абудзілася цэлая нацыя. Паўстала грамадзянская супольнасць новага – наддзяржаўнага – тыпу. Апошнія сталіся першымі.

Хай сёння краіна Беларусь нагадвае адну аграмадную «хімію», дзе  жывецца як бы на волі, але любы міліцэйскі патруль можа пакорпацца ў тваім смартфоне, і адправіць цябе на рэальную «хімію» ці ў калонію. Хай пакуль так. Але мы – беларусы – ужо ведаем свой патэнцыял. Нас з нашымі поглядамі, з нашым жаданнем свабоды – большасць у Беларусі.

Задача тых, хто за мяжой, мяркую, – дапамагаць агульнай справе: падрыхтоўцы да вызвалення краіны. Напрыклад, выданнем кніг-сведчанняў «адтуль».